Яўген Паплаўскі. Шлях музыканта
Не кожнае мястэчка ў Беларусі можа ганарыцца сваім кампазітарам, творы якога гучаць у нашай краіне, суседніх Польшчы, Літве, Украіне, а таксама Германіі, Нідэрландах, Даніі, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Аргенціне, Бразіліі, ЗША. Малая радзіма мястэчка Поразава, Свіслаччына дала музыканту крылы ў вялікае мастацтва, і па-ранейшаму застаецца невычарпальнай крыніцай натхнення…
27 верасня ў Свіслацкай дзіцячай школе мастацтваў адбылася творчая сустрэча з Яўгенам Паплаўскім – адным з самых яскравых і самабытных сучасных кампазітараў Беларусі, даследчыкам гісторыі музычнага жыцця на беларускіх і польскіх землях у былыя стагоддзі, выдаўцам архіўнай музыкі, арганізатарам музычных фестывалей. З прывітальным словам да шаноўнага госця і ўсіх прысутных звярнулася Паўлючэня І.Э., начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Свіслацкага райвыканкама.
З дапамогай Музыказнаўцы, Біёграфа, Кампазітара, ролю якіх адыгралі вучні філіяла “Поразава” Глякоўская Мілана, Саўко Алена, Кавальчук Уладзімір і кіраўніка творчага праекту Падасеп С.М., слухачы пазнаёміліся з жыццёвымі і творчымі вехамі Яўгена Паплаўскага – творца, даследчыка, арганізатара, талент якога – з’ява загадкавая, дынамічная, цэластная: “Чалавек творчы не павінен баяцца рухацца далей, выйсці за пазначаныя межы, не павінен станавіцца мертвым у духоўным плане. Мы жывем у ХХІ стагоддзі і павінны па-другому асэнсоўваць будучыню, сучасны свет, аспекты цывілізацыі. Музыка – гэта чысты дух…”
На працягу вечара гучалі ўрыўкі з твораў кампазітара: сімфанічныя эскізы “Поразава”, фартепіянная п’еса “Ганчар”, саната для альта і фартэпіяна, кантата “Бацькаўшчына”, аркестровы твор “Quo vadis”, симфония “Lux aeterna”, электронныя кампазіцыі “Карозія часу”, “Лунаючы ў прасторы”, музыка памяці Станіслава Глякоўскага.
Шлях чалавека. Шлях музыканта. Як яго выбраць і як яму не здрадзіць? Госці творчай сустрэчы атрымалі пераканаўчыя адказы на гэтыя пытанні.