Дзень маці
Свеціць, як сонца, ад самай калыскі
Вобраз любімы, родны і блізкі.
Мама! Матуля! - чароўнае слова
Песняй ласкавай гучыць на ўсіх мовах!
Мікола Хведаровіч
Ёсць многа цудоўных святаў, але няма сардэчней і цяплей, чым свята Дзень маці. Вытокі яго – у глыбокіх, паважлівых адносінах да жанчыны-маці. Маці – пачатак усіх пачаткаў, апора і надзея, будучае народа, падтрымка ў горы і радасці.
10 кастрычніка 2019 года ў філіяле “Корнадзь” ДУА “Свіслацкая дзіцячая школа мастацтваў” шчырымі словамі ўдзячнасці і шанавання навучэнцы віталі сваіх дарагіх мам літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Добрая, мілая, пяшчотная”. У выкананні Сауцінай Кацярыны, Наумік Ульяны, Баранцэвіча Ўсевалада, Бурака Андрэя, Іскрыка Глеба, Белаус Арыны і Лашкевіч Ірыны прагучалі вершы, песні і інструментальныя творы ў гонар Маці. А на завяршэнне свята матулям былі падараваны кветкі.
У гэты ж дзень шанавалі сваіх матуль навучэнцы і настаўнікі філіяла “Поразава”. У канцэрце прагучалі вершы, лірычныя інструментальныя кампазіцыі ў выкананні вучняў і народнага ансамбля народных інструментаў “Вянок” пад кіраўніцтвам Г.Бутара. Атмасфера любві, павагі, дабра панавала ў зале, а лепшай узнагародай артыстам сталі апладысменты ўдзячных мам і бабуль.
11 кастрычніка ў Свіслацкай дзіцячай школе мастацтваў была адкрыта выстава “Букет для мамы”, на якой вучні мастацкага і дэкаратыўна-прыкладнога аддзяленняў прадставілі свае цудоўныя маляўнічыя работы.
Нашы мілыя матулі, шчасця Вам, здароўя на доўгія гады!